ДЭ ВАЛЕ́РА ((De Valera) Іман) (14.10.1882, Нью-Йорк — 29.8.1975),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Ірландыі. Скончыў Дублінскі ун-т (1904). З 1908 чл. Гэльскай лігі, з 1913 — патрыят. арг-цыі «Ірл. валанцёры». Адзін з кіраўнікоў Ірландскага паўстання 1916, за што зняволены і прыгавораны да смерці, але амнісціраваны. З 1917 лідэр паліт. арг-цыі Шын фейн і «Ірл. валанцёраў». У 1919 абраны прэзідэнтам Ірл. рэспублікі, не прызнаў англа-ірландскі дагавор 1921. У 1922 адмовіўся ад пасады прэзідэнта і ў грамадз. вайну 1922—23 узначаліў апазіцыю, якая дамагалася поўнага суверэнітэту і цэласнасці краіны. У 1923 заснаваў партыю «Фіяна файл», пасля яе перамогі на выбарах узначальваў у 1932—48 урад і быў міністрам замежных спраў. Імкнуўся да поўнай паліт. і эканам. незалежнасці Ірландыі ад Вялікабрытаніі. У 1932 узначальваў сесію Савета Лігі Нацый, у 1938 — Асамблею Лігі Нацый. У 2-ю сусв. вайну захаваў нейтралітэт Ірландыі. У 1951—54, 1957—59 зноў кіраўнік урада, у 1959—73 прэзідэнт Ірландыі.
т. 6, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)